ОСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯ Нідэрландская (галанд. Oost Indische Compagnie) манапольная гандлёвая кампанія ў 1602—1798. Створана паводле рашэння Генеральных штатаў аб аб’яднанні некалькіх кампаній, каб прыпыніць паміж імі канкурэнцыю і выпрацаваць адзіную гандл. палітыку. Зона ўплыву О.-І.к. пашыралася ад мыса Добрай Надзеі да Магеланава прал. Мела манапольнае права гандлю і мараплавання, стварэння факторый, крэпасцей, набору і ўтрымання войск і флоту, вядзення судаводства, заключэння мірных дагавораў і інш. У 1609 стварыла ўласную адміністрацыю з рэзідэнцыяй на в-ве Ява. Выцесніла партугальцаў з Малукскіх а-воў, стварыла факторыі на ўзбярэжжы Індыі, на Цэйлоне. З канца 17 — пач. 18 ст. ва ўмовах эканам. крызісу ў Галандскай рэспубліцы, канкурэнцыі з англ. Ост-Індскай кампаніяй пачаўся яе заняпад. У 1798 ліквідавана.
т. 11, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)